Літургія гадзінаў

Літургія гадзінаў

ПАВОДЛЕ РЫМСКАГА АБРАДУ

II


Аўторак – 28 сакавіка 2023
V тыдзень Вялікага посту
І тыдзень псалтыра


line - Літургія гадзінаў

ЗАКЛІК

Заклік з’яўляецца пачаткам штодзённай літургічнай малітвы. Ён папярэднічае Гадзіне чытанняў або Ютрані, у залежнасці ад таго, якая з гэтых літургічных гадзінаў распачынае малітву дня.

К. Пане, адкрый мае вусны.
Н. І вусны мае будуць абвяшчаць Тваю хвалу.

Ант. О, каб вы паслухалі сёння голас Пана: / Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя.

Псальм 95 (94)
Заахвочванне да праслаўлення Бога

Настаўляйце адзін аднаго штодня, пакуль можна казаць «сёння» (Гбр 3, 13) 

Прыйдзіце, заспяваем Пану, *
усклікнем Богу – скале нашага збаўлення.

Станем з падзякаю перад абліччам Ягоным, *
у песнях усклікнем Яму.

Ант. О, каб вы паслухалі сёння голас Пана: / Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя.

Таму што Бог – вялікі Пан *
і Валадар вялікі над усімі багамі,

у руцэ Ягонай глыбіні зямлі, *
і вяршыні гор – Ягоныя.

Мора належыць Яму, і Ён стварыў яго, *
і сушу стварылі Ягоныя рукі.

Ант. О, каб вы паслухалі сёння голас Пана: / Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя.

Прыйдзіце, паклонімся і ўпадзем, *
укленчым перад Панам, які нас стварыў.

Бо Ён – наш Бог, *
а мы – народ Ягонай пашы і авечкі рукі Ягонай.

Ант. О, каб вы паслухалі сёння голас Пана: / Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя.

О, каб вы паслухалі сёння Ягоны голас: †
«Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя, *
як у Мэрыбе, як на пустыні ў дзень Масы,

дзе Мяне спакушалі айцы вашыя, *
выпрабоўвалі Мяне, хоць і бачылі справы Мае.

Ант. О, каб вы паслухалі сёння голас Пана: / Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя.

Сорак гадоў выклікала агіду ўва Мне гэтае пакаленне, *
і Я сказаў: Гэта народ, які блукае сэрцам,

яны не пазналі Маіх дарог, †
таму пакляўся Я ў гневе сваім, *
што яны не ўвойдуць у Мой адпачынак».

Ант. О, каб вы паслухалі сёння голас Пана: / Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Ант. О, каб вы паслухалі сёння голас Пана: / Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя.

line - Літургія гадзінаў

ГАДЗІНА ЧЫТАННЯЎ

К. Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Н. Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
І на векі вечныя. Амэн.

Пададзенае вышэй прапускаецца, калі гэтая Гадзіна чытаецца непасрэдна пасля Закліку.

ГІМН

Маем цяпер адпаведны
Дадзены час нам ад Бога,
Каб цераз стрыманасць цела
Аздаравіць свет знямоглы.

Ззяе ўжо ў бляску Хрыстовым
Радасны дзень адкуплення,
Сэрца грахоўныя раны
Пост і малітва залечыць.

Просім, каб мы захавалі
Ўстрыманне цела і духа,
І без маруды імкнулі
Да брамаў пасхі вечнай.

Божа, адзіны ў Тройцы,
Будзь праслаўлёны навекі.
З падзякай за дар прабачэння
Мы новую песню спяваем. Амэн.

ПСАЛЬМОДЫЯ

1 ант. Пан будзе судзіць * убогіх справядліва.

Псальм 10 (9 В)
Падзяка

Шчаслівыя ўбогія, бо ваша ёсць Валадарства Божае (Лк 6, 20)

І (1-11)

Чаму, Пане, стаіш здалёк, *
хаваешся ў гадзіну смутку?

У ганарлівасці бязбожны пераследуе беднага: *
няхай трапяць у пасткі, якія выдумалі.

Бо бязбожны хваліцца жаданнямі сваёй душы, *
ахвочы да блюзнерства, пагарджае Панам.

У ганарыстасці сваёй бязбожны кажа: *
«Няма Бога, Ён не адпомсціць».

Вось усе яго думкі; *
паспяховыя шляхі яго ва ўсе часы.

Далёка суды Твае ад яго; *
усіх ворагаў сваіх ён мае за нішто.

Ён гаворыць у сэрцы сваім: «Я ніколі не пахіснуся, *
з пакалення ў пакаленне не зазнаю бяды».

Яго вусны поўныя праклёну, подступу і здрады, *
а пад яго языком – мучэнне і згуба.

Сядзіць у засадзе за дварамі, у патаемных месцах, †
і забівае нявіннага, *
вочы яго сочаць за бедным.

Ён укрываецца ў засадзе, як леў у сваім логаве, †
укрываецца, каб схапіць беднага; *
хапае беднага і цягне ў сваю сетку.

Схіляецца, прысядае, *
і няшчасныя трапляюць у ягоную моц.

Кажа ў сэрцы сваім: «Бог забыўся, *
схаваў аблічча сваё, не ўбачыць ніколі».

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

1 ант. Пан будзе судзіць * убогіх справядліва.

2 ант. Ты, Пане, бачыш * мучэнне і смутак.

ІІ (12-18)

Устань, Пане; Божа, падымі руку сваю, *
не забывайся пра бедных.

Чаму бязбожны пагарджае Богам *
і думае ў сэрцы сваім, што Ты не адпомсціш?

Аднак Ты гэта бачыш: †
і мучэнне, і смутак, *
глядзіш, каб аддаць сваёй рукою.

На Цябе абапіраецца няшчасны, *
сіраце Ты – дапамога.

Зламай плячо грэшніка і нягоднага, *
адпомсці за злачынства яго, каб не паўтарылася.

Пан – Валадар на векі вечныя, *
язычнікі знікнуць з Ягонай зямлі.

Выслухай, Пане, просьбы бедных, *
умацуй іхняе сэрца і схілі сваё вуха,

каб абараніць правы сіраты і прыгнечанага, *
каб чалавек з зямлі больш не наводзіў страх.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

2 ант. Ты, Пане, бачыш * мучэнне і смутак.

3 ант. Словы Пана – гэта чыстыя словы, * срэбра, у горне ачышчанае.

Псальм 12 (11)
Заклік супраць ганарыстых

Дзеля нас, убогіх, Айцец паслаў Сына (св. Аўгустын)

Ратуй, Пане, бо не стала пабожнага, *
бо няма вернага сярод сыноў чалавечых.

Кожны хлусіць бліжняму свайму, *
ілжывымі вуснамі і ад сэрца няшчырага гавораць яны.

Няхай Пан знішчыць усе ілжывыя вусны, *
і язык, які гаворыць дзёрзка;

і тых, хто кажа: «Языком нашым пераможам, *
вусны нашыя з намі, хто ж гаспадар над намі?»

«З-за прыгнёту бедных і стогну ўбогіх †
Я паўстану цяпер, – кажа Пан, – *
і дам ратунак таму, хто яго прагне».

Словы Пана – гэта чыстыя словы, †
срэбра, у горне ачышчанае ад зямлі *
і пераплаўленае сем разоў.

Ты, Пане, зберажэш нас *
і захаваеш нас ад пакалення гэтага навекі.

Бязбожнікі ходзяць вакол, *
і шырыцца іх зло між сыноў чалавечых.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

3 ант. Словы Пана – гэта чыстыя словы, * срэбра, у горне ачышчанае.

К. Вось цяпер час спрыяльны.
Н. Вось цяпер дзень збаўлення.

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Пасланне да Габрэяў 3, 1-19

Езус – апостал нашага вызнання

Браты святыя, удзельнікі нябеснага паклікання, зразумейце апостала і першасвятара нашага вызнання, Езуса, бо Ён верны таму, хто Яго ўстанавіў, як і Майсей ва ўсім доме Яго. Ён настолькі варты большай пашаны, чым Майсей, наколькі большую пашану, чым дом, мае сам будаўнік яго. Кожны дом нехта будуе, а той, хто пабудаваў усё, – гэта Бог. І Майсей быў верным ва ўсім доме Яго як слуга дзеля сведчання пра тое, што павінна было быць сказана. Хрыстус жа як Сын быў у доме Яго, а Ягоным домам з’яўляемся мы, калі толькі захаваем адвагу і слаўную надзею.

Таму, як кажа Дух Святы: «Сёння, калі пачуеце Ягоны голас, не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як у час смуты, у дзень выпрабавання ў пустыні, дзе, спакушаючы, выпрабоўвалі Мяне бацькі вашыя і бачылі справы Мае на працягу сарака гадоў. Таму Я і разгневаўся на пакаленне тое, і сказаў: Яны заўсёды блукаюць у сэрцы, не пазналі шляхоў Маіх. Таму Я прысягнуў у гневе Маім, што яны не ўвойдуць у Мой адпачынак!»

Глядзіце, браты, каб не было ў каго з вас ліхога сэрца бязвер’я, якое аддаляе ад Бога жывога. Але настаўляйце адзін аднаго штодня, пакуль можна казаць «сёння», каб ніхто з вас не стаў жорсткім праз падман граху.

Бо мы станемся саўдзельнікамі Хрыста, калі да канца захаваем моцную надзею, якую мелі ад пачатку.

Таму гаворыцца: «Сёння, калі пачуеце голас Ягоны, не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як падчас бунту». Дык хто ж тыя, хто, пачуўшы, узбунтаваўся? Гэта ж не ўсе тыя, хто з Майсеем выйшаў з Егіпта? На каго Ён гневаўся сорак гадоў? Ці не на тых, хто зграшыў і чые трупы засталіся на пустыні? Каму пакляўся, што не ўвойдуць у Ягоны адпачынак, калі не тым, хто не паслухаўся? І мы бачым, што яны не змаглі ўвайсці з прычыны бязвер’я.

РЭСПАНСОРЫЙ Гбр 3, 6а; Эф 2, 21
Н. Хрыстус – як Сын у доме Айца, * а Ягоным домам з’яўляемся мы.
К. У Хрысце кожны складзены разам будынак вырастае як святая ў Пану святыня.
Н. А Ягоным домам з’яўляемся мы.

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Казанне св. Льва Вялікага, папы

(Sermo 8 de passione Domini, 6-8: PL 54, 340-342)
Крыж Хрыстовы – крыніца ўсіх благаслаўленняў і прычына ўсіх ласкаў

Няхай наш розум, асветлены Духам праўды, прыме чыстым і свабодным сэрцам славу Крыжа, якая ззяе на небе і на зямлі. Унутраным зрокам няхай убачыць тое, пра што Пан гаварыў напярэдадні сваёй мукі: «Настала гадзіна, каб быў услаўлены Сын Чалавечы» (Ян 12, 23). І далей: «Цяпер усхвалявана душа мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў. Ойча, услаў імя сваё!» І пачуўся з неба голас: «Уславіў і ўслаўлю зноў”» (Ян 12, 27-28). А Езус адказаў: «Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас. Цяпер адбываецца суд над гэтым светам; цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон. І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе» (Ян 12, 30-32).

О цудоўная моц крыжа! О невыказная слава мукі, у якой ёсць і трыбунал Пана, і суд над светам, і моц Укрыжаванага!

Пане, Ты прыцягнуў усё да сябе, каб тое, што калісьці адбывалася ў юдэйскай святыні, утоенае ў знаках, цяпер змагла ўшанаваць пабожнасць народаў у поўнай і адкрытай таямніцы.

Сёння ў нас ёсць больш слаўны стан левітаў, большая годнасць прэзбітэраў, больш святое намашчэнне біскупаў, таму што крыж Твой – гэта крыніца ўсіх благаслаўленняў і прычына ўсіх ласкаў. Дзякуючы яму вернікам даецца моц у слабасці, слава – у ганьбе, жыццё – у смерці. Цяпер жа, калі спынілася мноства старых ахвярапрынашэнняў, усе віды ахвяр замяняе адна ахвяра Твайго цела і крыві, бо Ты сапраўдны «Баранак Божы, які знішчае грахі свету» (пар. Ян 1, 29). Ты здзяйсняеш у сабе ўсе таямніцы, каб адно валадарства ўтварылася з усіх народаў, як адна ахвяра ёсць замест усіх іншых.

Таму прызнаем, умілаваныя, тое, што благаслаўлёны настаўнік народаў, апостал Павел, урачыста сказаў: «Годнае веры слова і вартае поўнага прыняцця, што Езус Хрыстус прыйшоў у свет, каб збавіць грэшнікаў» (1 Цім 1, 15).

Божая міласэрнасць да нас вартая яшчэ большага здзіўлення, бо Хрыстус не памёр за праведных ці за святых, але за беззаконных і нягодных. А паколькі Божая натура не магла прыняць вастрыя смерці, яна, нарадзіўшыся, прыняла ад нас тое, што магла прынесці ў ахвяру за нас.

Езус ужо даўно пагражаў нашай смерці моцаю сваёй смерці, кажучы праз прарока Осію: «Смерць, я стану тваёй смерцю; буду тваёй паразаю, адхлань». Паміраючы, Ён падпарадкаваўся закону смерці, а ўваскрасаючы, скасаваў яго. Так Езус перарваў адвечнасць смерці, каб з вечнай ператварыць яе ў часовую. «Бо як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены» (1 Кар 15, 22).

РЭСПАНСОРЫЙ Клс 2, 14-15; Ян 8, 28
Н. Хрыстус сцёр запіс нашых даўгоў, які быў супраць нас, і скасаваў яго, прыбіўшы да крыжа. * Раззброіў Панаванні і Улады, атрымаўшы над імі перамогу.
К. Калі ўзнімеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я.
Н. Раззброіў Панаванні і Улады, атрымаўшы над імі перамогу.

МАЛІТВА

Усемагутны Божа, дай нам верна выконваць волю Тваю і служыць Табе ахвотна, каб узрос на зямлі Касцёл Твой і памножыліся яго заслугі. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, Твайго Сына, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя. Амэн.

Потым, прынамсі пры супольнай цэлебрацыі, дадаецца акламацыя:

К. Благаславім Пана.
Н. Дзякуем Пану Богу.

line - Літургія гадзінаў

ЮТРАНЬ

К. Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Н. Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
І на векі вечныя. Амэн.

Пададзенае вышэй прапускаецца, калі гэтая Гадзіна чытаецца непасрэдна пасля Закліку.

ГІМН

О Хрыстэ, сонца справядлівасці,
Няхай змрок цемры ўжо расступіцца,
Каб моц святла да нас вярнулася,
Калі зямлю ізноў адновіш Ты.

Цяпер даеш час адпаведны нам,
Напоўні сэрцы шчырай скрухаю.
Няхай да жалю схіліць грэшнікаў
Твая любоў шматміласцівая.

Дапамажы шчыра пакаяцца,
Каб праз Твае дары нязмерныя
Правіны нам былі адпушчаны,
Бо Ты – крыніца міласэрнасці.

Дзень надыходзіць, дзень Твой, Пане наш,
Праз бляск якога заквітнее ўсё,
Агорне нас вялікай радасцю,
Бо ў ім адорыш нас дабротамі.

Няхай сусвет Табе паклоніцца,
О Божа ў Тройцы, поўны міласці,
А мы, адноўленыя ласкаю,
Табе спяваем песню новую. Амэн.

ПСАЛЬМОДЫЯ

1 ант. Той, у каго рукі бязвінныя і чыстае сэрца, * узыдзе на гару Пана.

Псальм 24 (23)
Прыйсце Пана ў святыню

Нябесныя брамы адчынены для Хрыста, дзеля Яго цялеснага ўнебаўшэсця (св. Ірэнэй)

Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй, *
сусвет і ўсё, што жыве ў ім.

Бо Ён заснаваў яго на морах *
і на рэках умацаваў яго.

Хто ўзыдзе на гару Пана, *
і хто стане на святым месцы Ягоным?

Той, у каго рукі бязвінныя і чыстае сэрца, †
хто не схіляў душы да марнасці *
і не прысягаў фальшыва.

Ён атрымае благаслаўленне ад Пана *
і ўзнагароду – ад Бога, свайго Збаўцы.

Вось пакаленне тых, хто Яго шукае, *
хто шукае аблічча Твайго, Бог Якуба.

Падыміце вярхі вашыя, брамы, †
узніміцеся, адвечныя вароты, *
каб увайшоў Кароль славы.

Хто ж гэты Кароль славы? †
Пан, моцны і магутны, *
Пан, магутны ў барацьбе.

Падыміце вярхі вашыя, брамы, †
узніміцеся, адвечныя вароты, *
каб увайшоў Кароль славы.

Хто Ён, гэты Кароль славы? *
Пан Магуццяў, Ён Кароль славы.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

1 ант. Той, у каго рукі бязвінныя і чыстае сэрца, * узыдзе на гару Пана.

2 ант. Узвялічвайце Караля вякоў * сваімі справамі.

Песня (Тоб 13, 2-8)
Бог, які карае і ратуе

Благаслаўлёны Бог і Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, які праз вялікую міласэрнасць сваю адрадзіў нас (1 П 1, 3)

Благаслаўлёны Бог, які жыве, навекі, *
і Ягонае валадарства,

бо Ён карае і праяўляе міласэрнасць, *
зводзіць уніз аж да адхлані

і ўзнімае веліччу сваёй са згубы, *
няма таго, хто пазбегне Ягонай рукі.

Вызнавайце Яго, сыны Ізраэля, перад народамі, †
бо Ён сам рассеяў вас сярод іх *
і нават там паказаў сваю веліч.

Узносьце Яго перад кожным жывым, †
бо Ён наш Пан і Ён Айцец наш, *
Ён Бог наш на векі вякоў.

За беззаконні вашыя Ён пакараў вас, *
але злітуецца над вамі ўсімі

і збярэ вас між усіх народаў, *
сярод якіх вы былі рассеяны.

Калі вы вернецеся да Яго †
ўсім сваім сэрцам і ўсёй сваёй душою, *
каб справядліва паступаць перад Ім,

тады Ён вернецца да вас *
і больш не будзе хаваць ад вас свайго аблічча.

Цяпер паглядзіце на тое, што Ён вам зрабіў, *
і вызнавайце Яго ва ўвесь свой голас.

Благаслаўляйце Пана справядлівасці *
і ўзвялічвайце Караля вякоў.

На зямлі маёй няволі Яго вызнаю *
і паказваю Ягоную моц і веліч грэшнаму народу.

Навярніцеся, грэшнікі, *
і паступайце справядліва перад Ім.

Хто ведае, можа будзе ласкавы *
і праявіць да вас міласэрнасць?

Я і мая душа радасна славім Караля нябёсаў, *
мая душа будзе радавацца ва ўсе дні майго жыцця.

Благаслаўляйце Пана, усе выбраныя, †
і ўсе хваліце Ягоную веліч. *
Праводзьце ў радасці дні і дзякуйце Яму.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

2 ант. Узвялічвайце Караля вякоў * сваімі справамі.

3 ант. Праведным прыстоіць * спеў хвалы.

Псальм 33 (32)
Хвала Божага Провіду

Усё праз Яго сталася (Ян 1, 3)

Радуйцеся ў Пану, справядлівыя, *
праведным прыстоіць спеў хвалы.

Слаўце Пана на гуслях, *
грайце Яму на дзесяціструннай арфе.

Спявайце Яму новую песню, *
прыгожа грайце Яму і гучна.

Праўдзівае слова Пана, *
і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя.

Ён любіць справядлівасць і правасуддзе, *
міласэрнасцю Пана поўніцца зямля.

Словам Пана створаны нябёсы, *
дыханнем Яго вуснаў – уся іхняя моц.

Ён воды марскія збірае, быццам у мех, *
бездані складвае ў сховах.

Няхай баіцца Пана ўся зямля, *
няхай дрыжаць перад Ім усе жыхары свету.

Бо Ён прамовіў – і сталася, *
Ён загадаў – і з’явілася.

Пан касуе намеры язычнікаў, *
знішчае задумы народаў.

Намеры Пана трываюць навекі, *
задумы сэрца Ягонага з пакалення ў пакаленне.

Шчаслівы народ, Богам якога ёсць Пан, *
народ, які Ён выбраў сабе ў спадчыну.

Пан паглядае з нябёсаў, *
бачыць усіх сыноў чалавечых.

З месца пасаду свайго Ён глядзіць *
на ўсіх, хто жыве на зямлі.

Ён стварыў сэрца кожнага з іх *
і зважае на ўсе іхнія чыны.

Не збавіць караля яго шматлікае войска, *
асілка не ўратуе яго вялікая сіла.

Конь не дапаможа ўратавацца, *
сваёй празмернай сілай ён не збавіць.

Вось вока Пана над тымі, хто Яго баіцца, *
над тымі, хто спадзяецца на Яго міласэрнасць,

каб Ён душу іх уратаваў ад смерці *
і накарміў іх у час голаду.

Душа наша чакае Пана, *
Ён – наша дапамога і абарона.

Радуецца ў Ім нашае сэрца, *
на Яго святое імя мы спадзяёмся.

Міласэрнасць Твая, Пане, няхай будзе над намі, *
бо мы на Цябе спадзяёмся!

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

3 ант. Праведным прыстоіць * спеў хвалы.

КАРОТКАЕ ЧЫТАННЕ Зах 12, 10-11а
Я вылью на дом Давіда і на жыхароў Ерузалема дух ласкі і малітваў, і яны будуць глядзець на Мяне. І будуць галасіць па тым, каго прабілі, як галосяць па адзінародным; і будуць плакаць па ім, як плачуць па першародным. У той дзень будзе вялікі плач у Ерузалеме.

КАРОТКІ РЭСПАНСОРЫЙ
К. Пан вызваліць мяне * ад пасткі паляўнічых.
Н. Пан вызваліць мяне * ад пасткі паляўнічых.
К. І ад злога слова.
Н. Ад пасткі паляўнічых.
К. Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Н. Пан вызваліць мяне * ад пасткі паляўнічых.

ПЕСНЯ З ЕВАНГЕЛЛЯ

Ант. да песні Захарыі: Калі ўзнімеце Сына Чалавечага, * тады даведаецеся, што гэта Я, – кажа Пан.

Песня Захарыі (Лк 1, 68-79)
Месія і Яго папярэднік

Благаслаўлёны Пан, Бог Ізраэля, *
бо наведаў і адкупіў народ свой,

і ўзняў моц збаўлення для нас *
у доме Давіда, слугі свайго.

Як абвясціў спрадвеку *
вуснамі сваіх святых прарокаў,

што збавіць нас ад ворагаў нашых *
і ад рук усіх, хто нас ненавідзіць.

Каб праявіць міласэрнасць да айцоў нашых *
і нагадаць пра святы запавет свой.

Прысягу, якую даў Абрагаму, айцу нашаму, *
дасць нам.

Каб, выбаўленыя з рук ворагаў, *
мы без страху служылі Яму

ў святасці і справядлівасці перад Ім *
ва ўсе дні нашыя.

А ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага будзеш названа, *
бо пойдзеш прад абліччам Пана падрыхтаваць шляхі Яму,

каб даць народу Ягонаму пазнаць збаўленне *
праз адпушчэнне яго грахоў,

дзякуючы сардэчнай міласэрнасці нашага Бога,*
у якой наведаў нас Усход з вышыні;

каб асвятліць тых, *
хто сядзіць у цемры і ў цені смяротным;

каб накіраваць ногі нашыя *
на шлях спакою.

Хвала Айцу і Сыну, *
І Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Ант. да песні Захарыі: Калі ўзнімеце Сына Чалавечага, * тады даведаецеся, што гэта Я, – кажа Пан.

ПРОСЬБЫ

Благаславім Хрыста, які даў нам сябе як хлеб, што сыходзіць з нябёсаў, і ўзнясём да Яго нашую малітву:
Хрыстэ, хлеб і лек душы, умацоўвай нас.

Пане, учыні, каб мы, насычаныя эўхарыстычным хлебам,
прынялі поўны ўдзел у дарах пасхальнай ахвяры.

Пане, дапамажы нам захоўваць Тваё слова ў нашых сэрцах,
каб у цярплівасці мы прыносілі плён.

Пане, дазволь нам саўдзельнічаць з Табой у будаванні больш дасканалага свету,
каб Твой Касцёл мог пашыраць заклік да спакою.

Пане, мы зграшылі перад Табою,
знішчы нашыя правіны Тваёй збаўчай ласкай.

Ойча наш.

МАЛІТВА

Усемагутны Божа, дай нам верна выконваць волю Тваю і служыць Табе ахвотна, каб узрос на зямлі Касцёл Твой і памножыліся яго заслугі. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, Твайго Сына, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя. Амэн.

Потым, калі прысутнічае святар або дыякан, ён рассылае народ, кажучы:

Пан з вамі.
Н. І з духам тваім.
Няхай благаславіць вас Бог усемагутны, Айцец і Сын, і Дух Святы.
Н. Амэн.

Калі адбываецца рассыланне народу, дадаецца заклік:

Ідзіце ў супакоі Хрыста.
Н. Дзякуем Пану Богу.

Калі святар або дыякан адсутнічаюць ці калі Гадзіна чытаецца індывідуальна, то яна завяршаецца наступным чынам:

Няхай Пан благаславіць нас, абароніць ад усялякага зла і давядзе да жыцця вечнага.
Н. Амэн.

line - Літургія гадзінаў

Малітва перад поўднем

К. Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Н. Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
І на векі вечныя. Амэн.

ГІМН

З верай у Бога, якою жывём мы,
З моцнай, трывалай надзеяй у сэрцы,
Умацаваныя ласкай любові,
Разам Хрыстову хвалу абвяшчаем.

Жорсткія каты а трэцяй гадзіне
Пана вялі на жахлівую муку.
Церпячы жудасць крыжовага дрэва,
Ён заблукалую збавіў авечку.

Молім з пакораю добрага Пана,
Што адкупіў нас ахвярай сваёю,
Каб захаваў ад грахоў і заганаў
Тых, каго вызваліў з моцаў пякельных.

Просім Хрыста і Айца разам з Духам –
Усемагутную Тройцу Святую,
Каб падтрымала ўсіх Божаю ласкай,
Хто ў малітве стаіць перад Панам. Амэн.

ПСАЛЬМОДЫЯ

Ант. Прыйшлі для нас дні пакаяння * дзеля адкуплення грахоў і збаўлення душ.

Псальм 119 (118), 1-8
І (Алеф)
Разважанне над Божым словам, змешчаным у Законе

Любоў да Бога ёсць у тым, каб мы захоўвалі Ягоныя запаведзі (1 Ян 5, 3)

Шчаслівыя тыя, чый шлях беззаганны, *
хто жыве паводле закону Пана.

Шчаслівыя тыя, хто захоўвае Ягоныя сведчанні *
і ўсім сэрцам шукае Яго.

Хто не чыніць беззаконня, *
але ходзіць Ягонымі шляхамі.

Ты загадаў, *
каб старанна выконвалі Твае наказы.

О, няхай пэўнымі будуць мае шляхі *
ў захаванні Тваіх пастановаў.

Я не зазнаю сораму, *
калі буду зважаць на ўсе Твае запаведзі.

Шчырым сэрцам буду славіць Цябе, *
калі навучуся Тваім справядлівым пастановам.

Буду захоўваць Твае наказы, *
не пакідай мяне назаўсёды.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Псальм 13 (12)
Плач справядлівага, які спадзяецца на Пана

Няхай Бог надзеі напоўніць вас усялякаю радасцю (Рым 15, 13)

Як доўга яшчэ, Пане, *
будзеш вечна забываць пра мяне?

Як доўга яшчэ будзеш *
адварочваць ад мяне сваё аблічча?

Як доўга мне яшчэ насіць †
змаганні ў душы сваёй? *
Смутак у сэрцы сваім дзень за днём?

Як доўга яшчэ *
будзе ўзвышацца нада мною мой вораг?

Паглядзі, адкажы мне, Пане Божа мой, *
асвятлі мае вочы, каб не заснуў я сном смяротным.

Каб не сказаў вораг мой: «Я перамог яго!» *
Каб не цешыліся ганіцелі мае, калі я пахіснуся.

Я спадзяюся на Тваю міласэрнасць; *
узрадуецца маё сэрца Твайму збаўленню.

Я заспяваю Пану, *
бо Ён адарыў мяне шчасцем.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Псальм 14 (13)
Глупства бязбожнікаў

Дзе памножыўся грэх, там яшчэ больш памножылася ласка (Рым 5, 20)

Бязбожнік сказаў у сэрцы сваім: «Няма Бога». †
Сапсаваліся яны і сталі паступаць агідна, *
няма нікога, хто б рабіў дабро.

Пан пазірае з неба на людскіх сыноў, †
каб паглядзець, ці ёсць разумны, *
які шукае Пана.

Усе адступілі, сапсаваліся разам, *
няма таго, хто б рабіў дабро, няма ніводнага.

Хіба не маюць розуму ўсе, хто чыніць беззаконне, †
хто паглынае народ мой, быццам хлеб спажывае, *
хто не заклікае Пана?

І задрыжаць ад страху, *
бо Бог – у пакаленні справядлівых.

Вы спрабуеце пасароміць намеры прыгнечанага, *
але Пан – яго надзея.

Хто прынясе з Сіёна збаўленне для Ізраэля? †
Калі Пан верне з палону свой народ, *
усцешыцца Якуб, і ўзрадуецца Ізраэль.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Ант. Прыйшлі для нас дні пакаяння * дзеля адкуплення грахоў і збаўлення душ.

КАРОТКАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 1, 18-19
Для тых, хто гіне, слова аб крыжы – гэта глупства; але для нас, якія збаўляемся, – гэта моц Божая. Бо напісана: Я знішчу мудрасць мудрацоў і адкіну розум разумных.

К. Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа.
Н. І дух моцны аднаві ўва мне.

МАЛІТВА

Усемагутны Божа, дай нам верна выконваць волю Тваю і служыць Табе ахвотна, каб узрос на зямлі Касцёл Твой і памножыліся яго заслугі. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

К. Благаславім Пана.
Н. Дзякуем Пану Богу.

line - Літургія гадзінаў

Малітва апоўдні

К. Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Н. Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
І на векі вечныя. Амэн.

ГІМН

У гэту гадзіну Збавіцель
Цярпеў на крыжы ад смагі;
Хай тым, хто Яго праслаўляе,
Пан дасць справядлівасці смагу.

Хай Хрыстус іх голадам стане,
Які сам сабою натоліць;
Няхай дасць агіду да грэху,
Імкненне да цноты праўдзівай.

Няхай ласка Духа Святога
Натхняе таго, хто папросіць,
Каб згасла пажадлівасць цела
І ў духу агонь разгарэўся.

Айца і адзінага Сына,
І Духа Святога мы просім,
Каб тых падтрымалі, хто верна
Стаіць у малітве прад Панам. Амэн.

ПСАЛЬМОДЫЯ

Ант. Я жывы, – кажа Пан, – * і хачу не смерці грэшніка, / але каб ён навярнуўся і жыў.

Псальм 119 (118), 1-8
І (Алеф)
Разважанне над Божым словам, змешчаным у Законе

Любоў да Бога ёсць у тым, каб мы захоўвалі Ягоныя запаведзі (1 Ян 5, 3)

Шчаслівыя тыя, чый шлях беззаганны, *
хто жыве паводле закону Пана.

Шчаслівыя тыя, хто захоўвае Ягоныя сведчанні *
і ўсім сэрцам шукае Яго.

Хто не чыніць беззаконня, *
але ходзіць Ягонымі шляхамі.

Ты загадаў, *
каб старанна выконвалі Твае наказы.

О, няхай пэўнымі будуць мае шляхі *
ў захаванні Тваіх пастановаў.

Я не зазнаю сораму, *
калі буду зважаць на ўсе Твае запаведзі.

Шчырым сэрцам буду славіць Цябе, *
калі навучуся Тваім справядлівым пастановам.

Буду захоўваць Твае наказы, *
не пакідай мяне назаўсёды.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Псальм 13 (12)
Плач справядлівага, які спадзяецца на Пана

Няхай Бог надзеі напоўніць вас усялякаю радасцю (Рым 15, 13)

Як доўга яшчэ, Пане, *
будзеш вечна забываць пра мяне?

Як доўга яшчэ будзеш *
адварочваць ад мяне сваё аблічча?

Як доўга мне яшчэ насіць †
змаганні ў душы сваёй? *
Смутак у сэрцы сваім дзень за днём?

Як доўга яшчэ *
будзе ўзвышацца нада мною мой вораг?

Паглядзі, адкажы мне, Пане Божа мой, *
асвятлі мае вочы, каб не заснуў я сном смяротным.

Каб не сказаў вораг мой: «Я перамог яго!» *
Каб не цешыліся ганіцелі мае, калі я пахіснуся.

Я спадзяюся на Тваю міласэрнасць; *
узрадуецца маё сэрца Твайму збаўленню.

Я заспяваю Пану, *
бо Ён адарыў мяне шчасцем.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Псальм 14 (13)
Глупства бязбожнікаў

Дзе памножыўся грэх, там яшчэ больш памножылася ласка (Рым 5, 20)

Бязбожнік сказаў у сэрцы сваім: «Няма Бога». †
Сапсаваліся яны і сталі паступаць агідна, *
няма нікога, хто б рабіў дабро.

Пан пазірае з неба на людскіх сыноў, †
каб паглядзець, ці ёсць разумны, *
які шукае Пана.

Усе адступілі, сапсаваліся разам, *
няма таго, хто б рабіў дабро, няма ніводнага.

Хіба не маюць розуму ўсе, хто чыніць беззаконне, †
хто паглынае народ мой, быццам хлеб спажывае, *
хто не заклікае Пана?

І задрыжаць ад страху, *
бо Бог – у пакаленні справядлівых.

Вы спрабуеце пасароміць намеры прыгнечанага, *
але Пан – яго надзея.

Хто прынясе з Сіёна збаўленне для Ізраэля? †
Калі Пан верне з палону свой народ, *
усцешыцца Якуб, і ўзрадуецца Ізраэль.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Ант. Я жывы, – кажа Пан, – * і хачу не смерці грэшніка, / але каб ён навярнуўся і жыў.

КАРОТКАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 1, 22-24
Юдэі патрабуюць знакаў, а грэкі шукаюць мудрасці. Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які для юдэяў – прычына ўпадку, для язычнікаў – глупства, а для тых, хто пакліканы, юдэяў і грэкаў, Ён – Хрыстус, Божая моц і Божая мудрасць.

К. Адвярні сваё аблічча ад маіх грахоў.
Н. І знішчы ўсе мае беззаконні.

МАЛІТВА

Усемагутны Божа, дай нам верна выконваць волю Тваю і служыць Табе ахвотна, каб узрос на зямлі Касцёл Твой і памножыліся яго заслугі. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, Твайго Сына, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя. Амэн.

К. Благаславім Пана.
Н. Дзякуем Пану Богу.

line - Літургія гадзінаў

Малітва пасля поўдня

К. Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Н. Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
І на векі вечныя. Амэн.

ГІМН

Распачалася святая гадзіна,
Збаўца яе асвяціў сваёй смерцю;
Мы, заклікаючы імя Хрыстова,
Просім пакорна аб прабачэнні.

Хрыстус злачынцу на крыжы прабачыў,
Узрушаны шчырым ягоным вызнаннем.
Хай жа і наша ахвярнасць, малітвы
Выпрасяць нам прабачэнне правінаў.

Пан перамог крыжам смерць і цемру;
Змрок адышоў, і святло ўжо заззяла.
Жудасны грэх няхай знішчаны будзе,
А чысты бляск нашы душы напоўніць.

Просім Хрыста і Айца разам з Духам –
Усемагутную Тройцу Святую,
Каб падтрымала ўсіх Божаю ласкай,
Хто ў малітве стаіць перад Панам. Амэн.

ПСАЛЬМОДЫЯ

Ант. Умацаваныя Божай ласкай, * будзем працаваць над сабой з вялікай цярплівасцю.

Псальм 119 (118), 1-8
І (Алеф)
Разважанне над Божым словам, змешчаным у Законе

Любоў да Бога ёсць у тым, каб мы захоўвалі Ягоныя запаведзі (1 Ян 5, 3)

Шчаслівыя тыя, чый шлях беззаганны, *
хто жыве паводле закону Пана.

Шчаслівыя тыя, хто захоўвае Ягоныя сведчанні *
і ўсім сэрцам шукае Яго.

Хто не чыніць беззаконня, *
але ходзіць Ягонымі шляхамі.

Ты загадаў, *
каб старанна выконвалі Твае наказы.

О, няхай пэўнымі будуць мае шляхі *
ў захаванні Тваіх пастановаў.

Я не зазнаю сораму, *
калі буду зважаць на ўсе Твае запаведзі.

Шчырым сэрцам буду славіць Цябе, *
калі навучуся Тваім справядлівым пастановам.

Буду захоўваць Твае наказы, *
не пакідай мяне назаўсёды.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Псальм 13 (12)
Плач справядлівага, які спадзяецца на Пана

Няхай Бог надзеі напоўніць вас усялякаю радасцю (Рым 15, 13)

Як доўга яшчэ, Пане, *
будзеш вечна забываць пра мяне?

Як доўга яшчэ будзеш *
адварочваць ад мяне сваё аблічча?

Як доўга мне яшчэ насіць †
змаганні ў душы сваёй? *
Смутак у сэрцы сваім дзень за днём?

Як доўга яшчэ *
будзе ўзвышацца нада мною мой вораг?

Паглядзі, адкажы мне, Пане Божа мой, *
асвятлі мае вочы, каб не заснуў я сном смяротным.

Каб не сказаў вораг мой: «Я перамог яго!» *
Каб не цешыліся ганіцелі мае, калі я пахіснуся.

Я спадзяюся на Тваю міласэрнасць; *
узрадуецца маё сэрца Твайму збаўленню.

Я заспяваю Пану, *
бо Ён адарыў мяне шчасцем.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Псальм 14 (13)
Глупства бязбожнікаў

Дзе памножыўся грэх, там яшчэ больш памножылася ласка (Рым 5, 20)

Бязбожнік сказаў у сэрцы сваім: «Няма Бога». †
Сапсаваліся яны і сталі паступаць агідна, *
няма нікога, хто б рабіў дабро.

Пан пазірае з неба на людскіх сыноў, †
каб паглядзець, ці ёсць разумны, *
які шукае Пана.

Усе адступілі, сапсаваліся разам, *
няма таго, хто б рабіў дабро, няма ніводнага.

Хіба не маюць розуму ўсе, хто чыніць беззаконне, †
хто паглынае народ мой, быццам хлеб спажывае, *
хто не заклікае Пана?

І задрыжаць ад страху, *
бо Бог – у пакаленні справядлівых.

Вы спрабуеце пасароміць намеры прыгнечанага, *
але Пан – яго надзея.

Хто прынясе з Сіёна збаўленне для Ізраэля? †
Калі Пан верне з палону свой народ, *
усцешыцца Якуб, і ўзрадуецца Ізраэль.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Ант. Умацаваныя Божай ласкай, * будзем працаваць над сабой з вялікай цярплівасцю.

КАРОТКАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 1, 25. 27а
Неразумнае ў Бога разумнейшае за людзей, а слабое ў Бога мацнейшае за людзей. Бог выбраў неразумнае свету, каб асароміць мудрых.

К. Ахвяра Богу – гэта скрушаны дух.
Н. Не пагарджай, Божа, пакорным і прыгнечаным сэрцам.

МАЛІТВА

Усемагутны Божа, дай нам верна выконваць волю Тваю і служыць Табе ахвотна, каб узрос на зямлі Касцёл Твой і памножыліся яго заслугі. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, Твайго Сына, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя. Амэн.

К. Благаславім Пана.
Н. Дзякуем Пану Богу.

line - Літургія гадзінаў

Нешпары

К. Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Н. Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
І на векі вечныя. Амэн.

ГІМН

Езу, Ты даў нам прыклад
Саракадзённага посту.
Дзеля душы ачышчэння
Раіш нам пост і ўстрыманне.

Будзь цяпер разам з Касцёлам,
Дапамажы ў пакаянні
Тым, хто, схіліўшы галовы,
Просіць зняць грэху цяжары.

Пане ласкавы і верны,
Выбач нам нашы правіны,
Тыя, што мы ўчынілі,
І захавай ад наступных.

Просім, каб праз пакаянне,
Што кожны год мы спаўняем,
Змаглі мы з чыстай душою
Пасху cвятую адзначыць.

Божа адзіны ў Тройцы,
Будзь праслаўлёны навекі.
З падзякай за дар прабачэння
Мы новую песню спяваем. Амэн.

ПСАЛЬМОДЫЯ

1 ант. Пан даў перамогу * Памазаніку свайму.

Псальм 20 (19)
Малітва аб перамозе караля

Кожны, хто пакліча імя Пана, будзе збаўлены (Дз 2, 21)

Няхай Пан выслухае цябе ў дзень нядолі, *
і абароніць цябе імя Бога Якуба.

Няхай прышле табе дапамогу са святыні *
і з Сіёна падтрымае цябе.

Няхай памятае пра ўсе твае ахвяры *
і тлустымі палічыць твае ўсеспаленні.

Няхай Пан дасць табе паводле твайго сэрца *
і выканае ўсе твае намеры.

Узрадуемся твайму збаўленню *
і ў імя Бога нашага ўздымем штандары.

Няхай Пан выканае ўсе твае просьбы. †
Цяпер я спазнаў, што Пан ратуе *
памазаніка свайго,

адказвае яму са сваіх святых нябёсаў *
магутнасцю сваёй збаўчай правіцы.

Адны хваляцца калясніцамі, другія – коньмі, *
а мы – імем Пана, Бога нашага.

Тыя пахіснуцца і ўпадуць, *
а мы вытрымаем і ўстаім.

Пане, памажы каралю *
і выслухай нас у дзень, калі паклічам.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

1 ант. Пан даў перамогу * Памазаніку свайму.

2 ант. Будзем апяваць і праслаўляць * Тваю моц, Пане.

Псальм 21 (20), 2-8. 14
Падзяка за перамогу караля

Прыняў жыццё, каб уваскрэснуць, і доўгія дні навекі, назаўсёды (св. Ірэнэй)

Пане, Тваёй сілай цешыцца кароль *
і вельмі радуецца Тваёй дапамозе.

Ты выканаў жаданне ягонага сэрца *
і просьбы вуснаў яго не адкінуў.

Бо Ты сустрэў яго
жаданымі благаслаўленнямі, *
на яго галаву ўсклаў вянок з чыстага золата.

Ён прасіў у Цябе жыцця, *
і Ты даў яму даўгалецце на вечныя вякі.

Вялікая слава яго пры Тваёй дапамозе, *
Ты адарыў яго веліччу і гонарам.

Благаслаўленне даў яму навекі, *
усцешыў яго радасцю перад Тваім абліччам.

Бо кароль спадзяецца на Пана *
і дзякуючы міласэрнасці Найвышэйшага
не пахіснецца.

Устань, Пане, у магутнасці сваёй, *
мы будзем апяваць і праслаўляць Тваю моц.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

2 ант. Будзем апяваць і праслаўляць * Тваю моц, Пане.

3 ант. Ты зрабіў нас валадарствам і святарамі * для Бога нашага.

Песня (Ап 4, 11; 5, 9. 10. 12)
Гімн адкупленых

Ты, Пане і наш Божа, *
годны прыняць славу і пашану, і сілу,

бо Ты стварыў усё, *
і з Тваёй волі існавала і было створана.

Ты годны ўзяць кнігу *
і зняць з яе пячаткі,

бо Ты быў забіты †
і сваёй крывёю Ты адкупіў нас для Бога *
з кожнага роду, і мовы, і племені, і народу,

і зрабіў нас валадарствам і святарамі
для Бога нашага, *
і мы будзем валадарыць на зямлі.

Забіты Баранак †
годны прыняць моц, і багацце, і мудрасць, *
і сілу, і пашану, і хвалу, і благаслаўленне.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

3 ант. Ты зрабіў нас валадарствам і святарамі * для Бога нашага.

КАРОТКАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 1, 27b-30
Cлабое свету выбраў Бог, каб асароміць моцных; і бязроднае свету, і пагарджанае, і тое, чаго няма, выбраў Бог, каб знішчыць існае, каб ніякае цела не выхвалялася перад Богам. Праз Яго і вы існуеце ў Хрысце Езусе, які стаў для нас мудрасцю ад Бога і справядлівасцю, і асвячэннем, і адкупленнем.

КАРОТКІ РЭСПАНСОРЫЙ
К. Я сказаў: * Пане, змілуйся нада мною.
Н. Я сказаў: * Пане, змілуйся нада мною.
К. Аздараві маю душу, бо я зграшыў перад Табою.
Н. Пане, змілуйся нада мною.
К. Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Н. Я сказаў: * Пане, змілуйся нада мною.

ПЕСНЯ З ЕВАНГЕЛЛЯ

Ант. да песні Марыі: Той, хто паслаў Мяне, ёсць са Мною. * Ён не пакінуў Мяне аднаго, / бо Я заўсёды раблю тое, што Яму падабаецца.

Песня Марыі (Лк 1, 46-55)
Радасць душы ў Пану

Велічае душа мая Пана, *
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу,

бо глянуў Бог на пакору сваёй слугі. *
І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.

Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, *
а імя Яго святое.

І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне *
над тымі, хто Яго баіцца.

Паказаў моц сваёй правіцы, *
рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.

Скінуў магутных з трону *
і ўзвысіў пакорных.

Дабром галодных насыціў, *
а багатых ні з чым адправіў.

Прыняў свайго слугу Ізраэля, *
памятаючы пра сваю міласэрнасць,

як абяцаў бацькам нашым – *
Абрагаму і яго патомству навекі.

Хвала Айцу і Сыну, *
І Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Ант. да песні Марыі: Той, хто паслаў Мяне, ёсць са Мною. * Ён не пакінуў Мяне аднаго, / бо Я заўсёды раблю тое, што Яму падабаецца.

ПРОСЬБЫ

Хрыстус Пан даручыў нам чуваць і маліцца, каб не паддавацца спакусам. Узнясём да Яго нашыя шчырыя просьбы:
Пачуй нас, Пане, і будзь да нас міласэрны.

Езу Хрыстэ, Ты абяцаў быць з тымі, хто моліцца ў Тваё імя,
дай нам заўсёды прасіць разам з Табой Айца і Духа Святога.

Нябесны Абраннік, аддаляй грахі ад свайго ўмілаванага Касцёла,
няхай ён заўсёды жыве ў надзеі і моцы Духа Святога.

Езу, поўны любові, навучы нас клапаціцца пра нашых бліжніх,
каб для ўсіх заззяла святло Твайго адкуплення.

Валадар спакою, умацоўвай спакой ва ўсім свеце,
каб Тваю збаўчую прысутнасць заўважалі ўсюды.

Адкрый усім памерлым брамы вечнага шчасця
і адары іх вечным жыццём і хвалой.

Ойча наш.

МАЛІТВА

Усемагутны Божа, дай нам верна выконваць волю Тваю і служыць Табе ахвотна, каб узрос на зямлі Касцёл Твой і памножыліся яго заслугі. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, Твайго Сына, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя. Амэн.

Потым, калі прысутнічае святар або дыякан, ён рассылае народ, кажучы:

Пан з вамі.
Н. І з духам тваім.
Няхай благаславіць вас Бог усемагутны, Айцец і Сын, і Дух Святы.
Н. Амэн.

Калі адбываецца рассыланне народу, дадаецца заклік:

Ідзіце ў супакоі Хрыста.
Н. Дзякуем Пану Богу.

Калі святар або дыякан адсутнічаюць ці калі Гадзіна чытаецца індывідуальна, то яна завяршаецца наступным чынам:

Няхай Пан благаславіць нас, абароніць ад усялякага зла і давядзе да жыцця вечнага.
Н. Амэн.

line - Літургія гадзінаў

КАМПЛЕТА

К. Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Н. Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
І на векі вечныя. Амэн.

Пасля гэтага пажадана зрабіць рахунак сумлення.

ГІМН

Цябе, Стварыцель сусвету,
Калі наступае змярканне,
З надзеяй ласкава просім:
Абараняй нас ад злога.

Напоўні сабой нашы сэрцы,
Няхай Цябе ноччу адчуюць.
Калі ж іх світанне абудзіць,
Няхай Цябе славяць у песні.

Хай цела адчуе бадзёрасць,
І дух хай абновіць натхненне.
А цемру начную асветліць
Твая незнішчальная яснасць.

Дай гэта нам, Ойча найлепшы,
Праз Езуса, нашага Пана,
Які валадарыць з Табою
І з Духам цяпер і навекі. Амэн.

ПСАЛЬМОДЫЯ

Ант. Не хавай, Божа, свайго аблічча ад мяне, * бо я на Цябе спадзяюся.

Псальм 143 (142), 1-11
Малітва ў нядолі

Чалавек апраўдваецца не ўчынкамі паводле Закону, а толькі вераю ў Езуса Хрыста (Гал 2, 16).

Пане, выслухай маю малітву, †
у сваёй вернасці пачуй мой енк, *
адкажы мне паводле сваёй справядлівасці.

Не ўваходзь на суд са слугою сваім, *
бо ніхто з жывых не апраўдаецца перад Табою.

Вораг пераследуе маю душу, *
топча на зямлі маё жыццё,

кідае мяне ў цемру, *
як памерлых назаўсёды.

Млее ўва мне мой дух, *
трывожыцца ўва мне маё сэрца.

Я памятаю даўнія дні, †
разважаю пра ўсе Твае чыны, *
раздумваю над справамі рук Тваіх.

Працягваю свае рукі да Цябе, *
душа мая прагне Цябе, як высахлая зямля.

Паспяшы адказаць мне, Пане, *
дух мой знемагае.

Не хавай свайго аблічча ад мяне, †
каб я не прыпадобніўся да тых, *
хто сыходзіць у магілу.

Дазволь мне ўжо раніцай пачуць †
пра Тваю міласэрнасць, *
бо я на Цябе спадзяюся.

Пакажы мне шлях, якім я павінен ісці, *
бо да Цябе я ўзношу сваю душу.

Вызвалі мяне, Пане, ад ворагаў маіх, *
бо я да Цябе ўцякаю.

Навучы мяне выконваць Тваю волю, *
бо Ты мой Бог.

Няхай Твой добры дух вядзе мяне *
па роўнай зямлі.

Дзеля імені твайго, Пане, ажыві мяне, †
паводле справядлівасці Тваёй *
выведзі маю душу з нядолі.

Хвала Айцу і Сыну, *
і Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Ант. Не хавай, Божа, свайго аблічча ад мяне, * бо я на Цябе спадзяюся.

КАРОТКАЕ ЧЫТАННЕ 1 П 5, 8-9а
Будзьце цвярозымі, чувайце. Праціўнік ваш, д’ябал, як леў кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці. Моцныя ў веры, станьце супраць яго.

КАРОТКI РЭСПАНСОРЫЙ

К. У рукі Твае, Пане, * аддаю я дух мой.
Н. У рукі Твае, Пане, * аддаю я дух мой.
К. Ты нас адкупіў, Пане Божа верны.
Н. Аддаю я дух мой.
К. Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Н. У рукі Твае, Пане, * аддаю я дух мой.

ПЕСНЯ З ЕВАНГЕЛЛЯ

Ант. Захавай нас, Пане, калі чуваем, * сцеражы падчас сну, / каб мы чувалі з Хрыстом / і адпачывалі ў супакоі.

Песня Сімяона (Лк 2, 29-32)
Хрыстус – святло народаў і хвала Ізраэля

Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, *
паводле слова Твайго, у спакоі;

бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, *
якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў, 

святло для асвятлення язычнікаў *
і хвалу народу Твайго Ізраэля.

Хвала Айцу і Сыну, *
І Духу Святому.

Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, *
і на векі вечныя. Амэн.

Ант. Захавай нас, Пане, калі чуваем, * сцеражы падчас сну, / каб мы чувалі з Хрыстом / і адпачывалі ў супакоі.

МАЛІТВА

Пане, просім Цябе, асвятлі ласкава гэтую ноч і ўчыні, каб мы, Твае слугі, заснулі спакойна і з радасцю прачнуліся дзеля Твайго імя ў яснасці новага дня. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Потым, нават тады, калі Камплета чытаецца індывідуальна, прамаўляецца благаслаўленне:

Ноч спакойную і смерць шчаслівую няхай дасць нам Бог усемагутны, Айцец і Сын, і Дух Святы.
Н. Амэн.

АНТЫФОНЫ НА ЗАКАНЧЭННЕ ДА НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ

Дзева, Маці Адкупіцеля,
брама раю нябеснага,
зорка мора й ратунак
для чалавека грэшнага.
Падтрымай люд знясілены,
што імкнецца да святасці,
Ты, што чынам дзівосным
нарадзіла Збавіцеля,
свайго святога Стварыцеля.
Прывітана анёлам, усесвятая Марыя,
барані нас ад грэху і за нас заступіся.

Або:

Вітай, неба Уладарка,
Вітай, Панна анёлаў,
Вітай, Ружа і Брама;
Яснасць свету дала Ты.
Цешся, Панна хвалебная,
Па­над усё прыгажэйшая,
Вітай, Маці нябесная;
Заступіся за нас Ты.

Або:

Вітай, Каралева,
Маці міласэрнасці,
жыццё, асалода і надзея наша, вітай!
Да Цябе звяртаемся мы, выгнаннікі, дзеці Евы.
Да Цябе ўздыхаем, стогнучы і плачучы
ў гэтай слёз даліне.
Дык звярні на нас, Заступніца наша,
Твае міласэрныя вочы.
І Езуса, благаславёны плод улоння Твайго,
з’яві нам пасля выгнання гэтага.
О ласкавая, о літасцівая,
о салодкая Панна Марыя.

Або:

Тваёй абароне аддаемся,
Святая Багародзіца,
У нашых патрэбах
Не пагарджай маленнем нашым.
І ад усялякай злой прыгоды
Выбаўляй нас заўсёды,
Панна хвалебная і благаслаўлёная.
О пані наша, Апякунка наша,
Суцяшальніца наша, Ты Заступніца наша,
З Сынам сваім нас паяднай,
Сыну свайму нас даручай,
Сыну свайму с аддавай.










© Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі 
Мінск, 2012 – 2022


Выкарыстанне тэкстаў Літургіі гадзінаў
з мэтаю выдання і перавыдання забаронена



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ.
Крыніца тэксту – catholic.by