Адразу пасля нараджэння дзіцяці
Калі ў вас нарадзілася дзіця, падыдзіце ў касцёл (альбо пазваніце 8-029-7015191) і абмяркуйце ўсе пытанні, звязаныя з Хрышчэннем. Ксёндз дапаможа вам падрыхтавацца да гэтай важнай падзеі і вызначыць дату. Не адкладвайце Хрышчэнне на доўга. Па касцёльных канонах хрысціць пажадана ў першыя тыдні жыцця.
Навошта хросныя?
Для кожнага дзіцяці бацькі выбіраюць хросных маці і бацьку. Яны дапамагаюць бацькам у выхаванні дзіцяці ў веры і паводле хрысціянскай маралі. Хроснымі не могуць быць няверуючыя людзі. Пажадана, каб хаця б адзін з хросных быў практыкуючым католікам (гэта значыць ходзіць у касцёл кожную нядзелю, спавядаецца і прымае Святую Камунію). Хросных выбіраем не дзеля падарункаў, а каб яны на працягу жыцця маліліся за вашае дзіця.
Навошта католікі хрысцяць дзяцей? Можа хай падрасце і сам выбярэ веру?
Дарослыя не чакаюць, пакуль дзіця вырасце і выбярэ сабе ежу і вопратку. Людзі “насільна” кормяць дзяцей, апранаюць, вядуць у школу. Вера і Божае жыццё (якое пачынаецца з моманту Хросту) важнейшае за ежу. Таму католікі імкнуцца ад першых тыдняў жыцця даць сваім дзецям найбольшы і найважнейшы дар – Хрышчэнне. Маленькіх дзетак закутваюць у пялюшкі, каб абараніць ад холаду і хваробаў. І хрысцяць – каб абараніць ад духоўных небяспек.
Ці можна хрысціць дзіця, калі бацькі жывуць без Шлюбу?
Можна.
Ці могуць быць хроснымі муж і жонка?
Могуць.