Варта запісаць Імшу за сваіх родных і блізкіх. Гэта самая лепашя і моцная малітва. Няма лепшай дапамогі для чалавека – і ў гэтым свеце, і пасля смерці.
Як запісаць Імшу?
Каб запісаць Імшу за памерлых альбо за жывых, падыйдзіце да ксяндза ў касцёле, і ён запіша вашу інтэнцыю (за каго будзе малітва) на зручны для вас дзень. Можна гэта зрабіць па тэлефону – пазваніўшы ксяндзу (8-029-7015191). Вельмі зручна падаць запісачку on-line праз форму.
За каго можна ахвяраваць Імшу? Памаліцца за жывых і памерлых.
Інтэнцыя Імшы можа быць за памерлых (аднаго альбо многіх). Можна маліцца за жывых – аб здароўі, аб Божай апецы, аб вырашэнні цяжкіх пытанняў, аб добрай здачы эгзамінаў, аб добрай аперацыі ў шпіталі і гэтак далей. Добрая справа – запісаць Імшу за родных у іх Дзень нараджэння, у гадавіну Шлюбу ці Хрышчэння. На пачатку навучальнага году варта ахвяраваць Імшу аб добрай сумленнай навуцы для сваіх дзяцей.
Падчас Імшы мы духоўна пераносімся ў часы Езуса і асабіста давяраем Яму дарагіх нам людзей і важныя справы.
Ці трэба прысутнічаць на Імшы?
Варта быць на Імшы, якую мы запісалі. Добра, калі можам на гэтай Імшы прыняць Святую Камунію. Трэба запрасіць родных і блізкіх. Часам шлях чалавека да Бога распачынаецца ад такога якбы насільнага прыходу ў касцёл. Імша – вельмі моцная малітва. Прыходзячы ў касцёл, мы аддаем сябе добраму Богу – і Ён нас перамяняе.
Колькі плаціць за Імшу?
Касцёл служыць людзям бясплатна. Езус заплаціў найвышэйшую цэну за нас усіх, паміраючы на Крыжы.
Многія задаюць пытанне: колькі плаціць за Імшу? За Імшу не трэба плаціць. Аднак варта памятаць, што ні дзяржава, ні Ватыкан не плацяць ксяндзу зарплату і не аплочваюць будовы, рамонты і іншыя справы Касцёла. Ксёндз жыве і арганізуе жыццё парафіі за тыя сродкі, якія яму ахвяруюць людзі. Таму запісваючы Імшу, варта даць годнае ахвяраванне, адпаведна з вашымі магчымасцямі.